Вясновае свята жаноцкасці ў Купалаўскім

04.03.2021

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 4 сакавіка прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня жанчын. Прагучалі самыя шчырыя віншавальныя словы ў адрас жанчын-педагогаў, настаўніц і выхавальніц, выкладчыц і навуковых работніц — усіх тых, хто вядзе па дарозе адкрыццяў і дасягненняў, развівае талент і паказвае шлях да першых перамог, вучыць любіць сваю краіну, думаць пра будучыню і шанаваць кожнае імгненне мінулага і сучаснасці.

Нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” і ганаровыя граматы прысутным педагогам уручыў намеснік міністра адукацыі А.У.Кадлубай. “Ужо стала добрай традыцыяй напярэдадні ўсімі любімага вясновага свята збірацца для таго, каб выказаць шчырыя словы ўдзяч­насці прыгожай палове нашай сістэмы адукацыі і ўручыць заслужаныя ўзнагароды, — сказаў ён. — Ні для каго не сакрэт, што жанчыны — гэта цэнтр су­свету, але жанчыны, якія працу­юць у сістэме адукацыі, унікальныя, таму што спалучаюць у сабе прыродную прыга­жосць, прывабнасць, пяшчотнасць, паспяваюць развівацца прафесійна, ствараць утуль­насць на працоўных месцах, наладжваць хатні побыт, захоўваць цяпло сямейнага ачага, выхоўваць не толькі сваіх дзяцей, а і многіх дзяцей нашых устаноў адукацыі”.

Аляксандр Уладзіміравіч таксама зачытаў віншаванне міністра адукацыі Ігара Васілье­віча Карпенкі, у якім было падкрэслена, што вясновае свята — “даніна ўдзячнасці і павагі матулям, жонкам, дочкам, сяброўкам і калегам”. “У сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь больш за 70% складаюць жанчыны, і сёння цудоўная нагода выказаць вам словы шчырага захаплення і ўдзячнасці за вашу штодзённую працу, адказныя адносіны да сваіх прафесійных абавязкаў, педагагічнае майстэрства, мудрасць і цярпенне, — гаворыцца ў віншаванні. — Мы ганарымся вашымі поспехамі і поспехамі вашых вучняў. Вы не проста даяце ім веды — вы вырошчваеце будучыню нашай дзяржавы, выхоўваючы юных грамадзян нашай Беларусі на асабістым прыкладзе сапраўднага патрыятызму і цвёрдай жыццёвай пазіцыі. Неацэнны ваш уклад у выхаванне падрастаючага пакалення, захаванне сямейных традыцый і маральных каштоўнасцей беларускага грамадства. Дзякуй вам за вернасць прафесіі, высокі прафесіяналізм і выдатныя чалавечыя якасці”.

Да віншаванняў далучылася і старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Раманаўна Якубовіч, якая пераканана, што беларускія жанчыны паспяхова рэалізоўваюць сябе ва ўсіх сферах: “Часам на нашы плечы кладуцца зусім не жаночыя клопаты, але мы паспяхова з імі спраўляемся. Дзякуй вам, дарагія педагогі, за вашу працу, за грамадзянскую і жыццёвую пазіцыю, ваш талент, а самае галоўнае — за вялікую працавітасць”.

Завяршылася святочнае мерапрыемства прэм’ерным паказам спектакля “Паўлінка”.