Сустрэча з воінамі-інтэрнацыяналістамі "Ніхто, акрамя нас!"

15.02.2021

15.02.2021 года, падчас адкрытай інфармацыйнай гадзіны “Старонкі Афганскай вайны”, вучні 6-10 класаў сярэдняй школы № 21 імя М.Ф. Гастэлы пад кіраўніцтвам старшыні Моладзевага Савета Цэнтральнай раённай г. Мінска арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіны Мікалаеўны Стральчук сустрэліся з воінамі-інтэрнацыяналістамі: старшынёй Савета Цэнтральнай раённай арганізацыі “Пабрацім” Беларускага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Д.Г. Сянько і кіраўніком ваенна-патрыятычнага клуба “Памяць” Р.М. Касцюкевічам. Адказна было сустракаць шаноўных гасцей, тым больш што Дзмітрый Генадзьевіч – ганаровы выпускнік гэтай школы.

              

Героі вайны ўзгадвалі пра даваенны час. Выхаваныя на прыкладах гераізму ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, яны марылі служыць Радзіме, абараняць яе. Дзевятнаццацігадовыя юнакі гаварылі і пра баі, у якіх гублялі таварышаў, і пра бясцэнныя лісты, што атрымлівалі з дому, і пра каханне – без яго нікуды. З вялікай трыбуны заклікалі дзяцей быць пільнымі ў любых жыццёвых рэаліях, паважаць бацькоў і настаўнікаў, стаць надзейнымі спадкаемцамі вопытных мужных беларусаў. Расказвалі пра сяброўства, пра тое, як ў запісных кніжках пазначалі важныя моманты службы і…як, гледзячы на цёмна-сіняе неба над гарамі, хацелі жыць. Дзмітрый Генадзьевіч выканаў пад гітару тры песні. Розныя па мелодыі, словах, але аднолькавыя па тэме. Боль Афганістана адчуваецца ў кожным радку, ва ўсмешцы, у мудрым позірку. Асабліва пякуча – на Востраве Слёз, дзе кожны год 15 лютага  вучні 10-11 класаў у знак вечнай памяці і невычэрнага смутку ўскладаюць кветкі да мемарыялу воінам-інтэрнацыяналістам…

           

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, старшыні Моладзевага Савета адзначыла, што сустрэчы такога фармату кранаюць не толькі розум, а ў першую чаргу душы прысутных. “Ніхто, акрамя нас!” – так гавораць госці-дэсантнікі. Гэтыя словы можна адрасаваць кожнаму юнаму беларусу, святы абавязак якога – быць годным грамадзянінам сваёй краіны і сапраўдным патрыётам не ў пафасных словах, а на справе.